Беларуская мова – неад'емная частка маёй штодзённасці. Я размаўляю па-беларуску ў сям'і і па-за сям'ёю, люблю яе смак і адценні. Зачытваюся, пішу, эксперыментую, міжволі вылучаю сакавітыя, напоўненыя жыццём словы і выразы з маўлення іншых людзей, любуюся імі, спрабую пераймаць. Захапляюся сама і ўмею перадаць сваё захапленне іншым. Мае ўласныя дзеці з маленства размаўляюць па-беларуску і ў той жа час выдатна валодаюць рускай мовай. Лічу, што для іх гэта важны здабытак – чым болей моваў ведае чалавек, тым болей магчымасцяў адкрываецца перад ім. Цікаўлюся мовай таксама праз этнаграфію. Люблю традыцыйныя спевы, гульні, танцы, рамёствы і спрабую знайсці ім месца ў сучасным жыцці. Мой моцны бок – інтуіцыя. Кіруюся ёю ў сваіх пошуках і эксперыментах, у стасунках з дзецьмі і дарослымі. Радуюся, калі ўдаецца ўсталяваць кантакт, наладзіць сувязь і зрабіць разам нешта вартае для свету.